Спадчына Перамогі

Памяць і ўрок маштабна і маляўніча прайшло ў Нясвіжы святкаванне 80-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Яно пачалося з мітынга ля Братскай магілы воінаў і партызан, што загінулі пры вызваленні Нясвіжа, у гарадскім парку. У гэтым мітынгу прыняло ўдзел кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый горада, а таксама школьнікі — ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае”.

Першым меў слова старшыня Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі. Ён адзначыў у сваёй прамове, што кожны год мы збіраемся ля помнікаў і абеліскаў, каб яшчэ раз успомніць тое, якой цаной была заваёвана вясна Перамогі.

— Пра тую страшную вайну можна гаварыць многа і доўга, — сказаў Андрэй Казіміравіч. — гэта не проста эпізод гісторыі. Гэта трагедыя мільёнаў зламаных жыццяў, разбураных сем’яў, скалечаных лёсаў. Падзеі тых гадоў пакінулі непазбыўны след у палітыцы, культуры і свядомасці людзей.

Ён таксама адзначыў, што спадчына Перамогі — гэта не толькі памяць аб ёй, але і ўрок, які трэба засвоіць, каб падобнае не паўтарылася і што наш святы абавязак — быць удзячнымі за 80 гадоў мірнага неба над намі і зрабіць так, каб наша жыццё і жыццё нашых унукаў і праўнукаў было дастойна герояў-пераможцаў.

— Нізкі паклон усім тым, хто коштам свайго жыцця падарыў нам магчымасць жыць свабодна на роднай зямлі, а ў мірны час узнаўляў разбураную вайной эканоміку. Светлая памяць аб іх легендарным подзвігу назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах і сэрцах будучых пакаленняў, — сказаў у завяршэнне сваёй прамовы кіраўнік раёна.

Пасля яго перад прысутнымі выступілі Ганаровы грамадзянін Нясвіжа Леанід Крупец і старшыня маладзёжнага Парламента нашага раёна Яўгенія Вайцяховіч. Кожны па-свойму, з пункта гледжання больш сталага і маладога пакалення яны сказалі свае словы аб значэнні Вялікай Перамогі і неабходнасці захоўваць гістарычную памяць.

Памяць ахвяр вайны была ўшанавана хвілінай маўчання, у гонар загінулых воінаў прагучалі сімвалічныя залпы з воінскай зброі, а да помніка воінам і пратызанам, што загінулі пры вызваленні Нясвіжа, прысутныя ўсклалі кветкі.

Пасля мітынга святочнае шэсце пад назвай “80 мірных гадоў” пачало рух ад Брацкай магілы да стэлы Вызвалення, дзе таксама былі ўскладзены кветкі, і ад яе — на Ратушную плошчу, дзе разгарнуліся асноўныя святочныя падзеі.

Арганізатары мерапрыемства прадумалі ўсё, каб на свяце было камфортна і цікава ўсім — і дарослым,  і дзецям: цэлы дзень уздоўж вуліцы Савецкай працаваў выязны гандаль, дзятва магла пацешыцца дзіцячымі атракцыёнамі ў скверы ля ратушы і паўдзельнічаць у забаўляльнай праграме раённага цэнтра дзіцячай творчасці . Там жа была разгорнута выстава мастацкіх работ навучэнцаў Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў “Свет вачамі дзяцей”.

На Ратушнай плошчы гаражан і гасцей горада чакалі выстава-продаж вырабаў ручной работы майстроў і рамеснікаў горада і раёна, інтэрактыўныя пляцоўкі, інсталяцыі і кампазіцыі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме, гісторыка-краязнаўчага музея, цэнтральнай раённай бібліятэкі ім. П. Прануза, рэдакцыі газеты “Нясвіжскія навіны”, тэматычная пляцоўка Нясвіжскай друкарня імя Сымона Буднага, на якой можна было паўдзельнічаць у акцыях“Лісты памяці” і “Іх імёны ў гісторыі”.

Усё гэта было цікава само па сабе, але, па меркаваннях многіх удзельнікаў свята, асабліва ўражваючай і незвычайнай яго падзяй стаў мірны аўтапарад стылізаваных аўтамабіляў з наступнай выставай-фотазонай, на якіх была прадстаўлена гісторыя Вялікай Айчыннай вайны. Відовішча сапраўды атрымалася незабыўным: даваеннае мірнае жыццё, партызанскі лагер, ваенны шпіталь, аперацыя “Багратыён” і іншыя знакавыя моманты вайны знайшлі сваё адлюстраванне на пляцоўках у кузавах аўтамабіляў. Гэта выдатная ідэя была ўвасоблена ў жыццё стараннямі ААТ “Сейлавічы», ЗАТ “1 Мая, ААТ “Лань-Нясвіж”, РУП “Нясвіжская ЖКГ», ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, СВК “Агракамбінат Сноў”, ААТ “17 Верасня” і “Нясвіжскі райаграсервіс”, Нясвіжскага раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення“Стоўбцыгаз”, УЗ “Нясвіжская ЦРБ”, Нясвіжскага лясніцтва ДЛГУ “Клецкі лясгас”, філіяла“ДЭУ № 65” РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр”, філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” “ДРБУ № 168”, ААТ “ГАРАДЗЕЙСКІ ЦУКРОВЫ КАМБІНАТ”, філіяла Нясвіжскае ўпраўленне магістральных газаправодаўААТ “Газпромстрансгаз Беларусь”, ААТ “Грыцкевічы”, ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”, ДП “ЭБ “Свеклавічная”, ААТ “Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў», УА “Нясвіжскі дзяржаўны каледжімя Я. Коласа”, ДУК “Нясвіжская раённая бібліятэка імя П. Пранузы”, СПТАА “Фармлэнд”, ДУ “Нясвіжскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.

Вялізнае ўздзеянне на ўсіх, хто сабраўся к 12 гадзінам дня на Ратушнай плошчы, аказаў і святочны тэатралізаваны гала-канцэрт “МЫ ПАМЯТАЕМ: У ІМЯ ЖЫЦЦЯ І МІРУ”. Лепшыя артысты раёна так па-майстэрску акунулі прысутных у перадваенны і ваенны час, што на вачах многіх гледачоў заблішчэлі слёзы, якія нельга было стрымаць.

Роўна ў 12 гадзін уся плошча застыла ў агульнанацыянальнай хвіліне маўчання. На некаторы час быў сімвалічна спынены і рух транспарту на скрыжаванні каля Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Шмат яскравых, шчымлівых і ў той жа час радасных ўражанняў прынеслі і гала-канцэрт раённага фестывалю-конкурсу патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў” і пераможцаў раённага конкурсу мастацкага чытання “80 гадоў міру і стварэння”, святочная праграма Нясвіжскайдзіцячай школы мастацтваў “Музыка міру і дабра”, спектакль узорнага тэатральнага калектыву “РАПТАМ” Нясвіжскай ДШМ,канцэртная праграма народнага ансамбля песні “Ланская бяседа” Ланскага СДК “Спявае пераможная вясна”, канцэртная праграма творчых калектываў раённага цэнтра народнай творчасці “Пад мірным небам Беларусі мілай”, святочная праграма народнага ансамбля песні “Млечны шлях” і танцавальнага калектыву “Арыён”Нясвіжскага РЦК, народнага ансамбля песні “Забава” ААТ “ГАРАДЗЕЙСКІ ЦУКРОВЫ КАМБІНАТ” і вакальнай студыі “Хвілінка” Гарадзейскага ЦК “Пра МІР! Пра ПЕРАМОГУ! Пра ВЯСНУ!”, канцэртна-забаўляльная праграма з удзелам творчых калектываў Нясвіжскага раёна “Квітнеючы май” з караоке і розыгрышам падарункаў.

Сваіх гледачоў сабрала і пляцоўка каля фантана, дзе жадаючыя маглі пакаштаваць сімвалічнай салдацкай кашы, падрыхтаванай …, і юшкі са свежай рыбы, якую прапаноўвала ААТ “Альба”, а таксама пазнаёміцца з выставай-дэгустацыяй Нясвіжскага хлебазавода “Хлеб мірнага часу”.

Шмат гучала тут і добрай, блізкай сэрцу розных пакаленняў музыкі, якую дарылі гасцям гэтай пляцоўкі хор ветэранаў працы “Аптымісты”, пераможцы фестывалю-конкурсу “Песні Перамогі”, народны духавы аркестр і ансамбль песні “Элегія” Нясвіжскага РЦК, народны ансамбль песні “Лянок” Аношкаўскага СДК. Прагучалі тут і цудоўныя вершы ў выкананні пераможцаў раённага конкурсу мастацкага чытання “80 гадоў міру і стварэння”.

Дзеці і моладзь з задавальненнем скарысталіся магчымасцямі інтэрактыўнай спартыўна-гульнявой пляцоўкі ад фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Нясвіжскага раёна.

З трох гадзін дня былі адкрытыя і дзверы кінатэатра “Салют”, дзе ўвазе гледачоў былі прапанаваны ваенная драма “Каруза”, дылогіі аб генацыдзе беларускага народа “Лагеры смерці” і “Спаленыя вёскі”, фільм “У спісах не значыўся”.

Усе, хто не пабаяўся нетыповага для мая холаду (а такіх аказалася нямала), перад дзесяццю гадзінамі вечара дружна паўдзельнічалі ў культурна-патрыятычнай акцыі “Праспяваем “Дзень Перамогі” разам”, пасля якой неба над горадам упрыгожыў святочны салют. Пасля салюта свята працягнулася выступленнем кавер-бэнда “NotBadBand” і святочнай дыскатэкай, якая сабрала шмат моладзі і не толькі яе.

Увесь багаты на падзеі і яскравыя ўражанні дзень 9 Мая стаў сапраўдным гімнам пашаны тым, дзякуючы каму мы сёння можам спакойна жыць на сваёй зямлі, працаваць і спяваць, ствараць і імкнуцца да лепшага. Наша памяць аб іх — у нашых сэрцах і нашых штодзённых справах, у дзецях, унуках і праўнуках ветэранаў. Ім несці і далей памяць пра сваіх продкаў, воінаў-вызваліцелей, якім выпала вельмі цяжкая і вельмі пачэсная ноша — перамагчы фашызм.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.