У нядзелю, 11 мая, на Ратушнай плошчы прайшло ўрачыстае ўшанаванне Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, прысвечанае Дню Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца ў другую нядзелю мая.
Як заўважылі вядучыя мерапрыемства, нашы дзяржаўныя сімвалы — увасабленне незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яскравае сведчанне пераемнасці гістарычных традыцый і адвечнага імкнення народа да міру і стваральнай працы.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусі змяшчае чырвоную і зялёную палосы. Чырвоны колер сімвалізуе мужнасць і энергію народа, зялёны — яго стваральную сілу і працавітасць. Да палотнішча прымыкае вертыкальная паласа с беларускім арнаментам, які ўвасабляе жыццёвую сілу зямлі.


Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь адлюстроўвае духоўныя каштоўнасці нашага народа. У цэнтры знаходзяцца контур Беларусі, які сімвалізуе тэрытарыяльнае адзінства Радзімы, а зямны шар, над якім узыходзіць сонца — яе шчаслівы лёс. Іх абрамляе вянок з каласоў, ільна і канюшыны, перавіты чырвона-зялёнай лентай, як сведчанне нашага міралюбства, працавітасці і дабрабыту.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, створаны кампазітарам Нестарам Сакалоўскім і паэтамі Міхаілам Клімковічам і Уладзімірам Карызнай, абвяшчае ўсяму свету: мы, беларусы, мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі.
У гонар Дня Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, які аб’ядноўвае мільёны патрыётаў нашай Радзімы, быў узняты Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.
Права ўзняць яго было прадастаўлена пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, вучаніцы Нясвіжскай СШ №4 Варвары Сідаравай і пераможцы рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, вучню СШ №3 г. Нясвіжа Арцёму Гаціле.
Пасля ўзняцця Дзяржаўнага флага прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, і са словамі віншавання да прысутных звярнуўся старшыня Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі.
— Герб, флаг і гімн — не проста сімвалы нашай дзяржавы, гэта душа і гонар нашай краіны, — адзначыў у сваім выступленні кіраўнік раёна. — Гэта тое, што аб’ядноўвае нас. Яны адлюстроўваюць нацыянальную ідэю беларусаў, імененне да мірнага, стваральнага жыцця. Ставячыся з пашанай да дзяржаўнай сімволікі, мы, у першую чаргу, аддаём даніну павагі бясцэнным заваяванням нашых бацькоў і дзядоў, якія на палях бітваў і ў мірнай працы адстаялі права мірна жыць і працаваць на сваёй зямлі.
Андрэй Ратомскі таксама пажадаў, каб гэты дзень яшчэ мацней згуртаваў наша грамадства і ўмацаваў пачуццё адказнасці кожнага за лёс нашай любімай краіны.
Па традыцыі, была прынесена Клятва вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь. Ад імя маладога пакалення несвіжан яе прамовілі вучні Нясвіжскай гімназіі.
Мерапрыемства атрымалася ўзнёслым і ўрачыстым у тым ліку і дзякуючы ўзорнаму танцавальнаму калектыву “Онікс” Нясвіжскай дзіцячай школы масітацтваў і выхаванцам маладзёжнага ваенна-патрыятычнага клуба “Спадчына” пад кіраўніцтвам старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 1 г. Нясвіжа Валерыя Траяноўскага.


Па завяршэнні ўрачыстага ўшанавання Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь для ўдзельнікаў мерапрыемства прагучала канцэртная праграма, падрыхтавана лепшымі артыстамі раёна.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.




























